Трымае роднае карэнне...
31 сакавіка адбыўся раённы фестываль-конкурс "Здравствуй, мир!" у намінацыі "Тэатральнае майстэрства". У конкурсе прынялі ўдзел і юныя артысты нашай школы. Удзельнікі гуртка "Тэатральны калейдаскоп" пад кіраўніцтвам Л.Р.Рудэнка прадставілі гледачам спектакль "Мікітаў лапаць" паводле аднайменнай камедыі Міхася Чарота.
Дзяды і прадзеды – якія вы?
І дзе, скажыце, тая ніць,
Якую ў спадчыну пакінулі,
Якую далей трэба віць?
І што цяпер вам можа сніцца,
Калі мы тут, пад шум вясны,
Звінім танюсенькаю ніццю
Між светам будучыні і даўніны….
Анатоль Сербантовіч
У Год малой радзімы мы вырашылі на раённы конкурс тэатральнага майстэрства зрабіць пастаноўку “Мікітаў лапаць” паводле аднайменнай камедыі Міхася Чарота. У гэтым спектаклі нам захацелася паказаць гледачу местачковыя замалёўкі мінулага часу, у якіх – і быт, і гумар, і культура нашых продкаў.
Рэпетыцыі праходзілі падчас каникул амаль кожны дзень, з жартамі, з індывідуальнымі інтэрпрэтацыямі кожнай ролі (усе прапаноўвалі сваю “падачу” персанажа). Кіраўнік гуртка Рудэнка Людміла Раманаўна прымала кожную версію, давала свае рэкамендацыі, сама ўваходзіла ў ролю кожнага героя і з гумарам дэманстравала майстар-клас. І вось ужо генеральная рэпетыцыя: касцюмы падабраны, музычнае афармленне таксама, рэквізіт змайстраваны…Усе настроены на паспяховае выступленне.
І вось мы на сцэне Салігорскага дзіцячага дома творчасці. Настрой крыху хвалюючы. Аб’яўляюць нашу школу – і Ксенія пад мелодыю Ігара Лучанка “Мой родны кут” выказвае свае шчырыя і цёплыя пачуцці да свайго мястэчка Старобін:
Ты прыгажэй кутка не знойдзеш за берагі Случанскіх вод –
Старобін чацвёртае стагоддзе вядзе гісторыі свой ход.
І шчасце тут было, і гора, але агонь бяды заціх.
Хоць воды Случы не гавораць, я чую ў сэрцы голас іх…
І вось …пачалося... Гвалт, крык… - гэта сварацца Грыпіна і Дар’я з-за курэй.Крыху ўтаймоўваюць суседскую разборку іх дзеці: Саўка і Зоська, якія даўно кахаюць адзін аднаго. Спрэчку далей раззадорвае Дар’я, навёўшы плёткі Яўменю пра яго жонку. Але ўсё заканчваецца добра, бо ўсіх своеасабліва мірыць Мікітаў лапаць. І спектакль заканчваецца танцамі і песнямі, заручынамі закаханых Саўкі і Зоські.
Вельмі прыемна было даведацца пасля падвядзення вынікаў конкурсу, што дыпломам 1 ступені за лепшую жаночую ролю ўзнагарожана Бунцэвіч Анастасія, што па-майстэрску сыграла сялянку Грыпіну. Увогуле спектакль быў адзначаны добрай ацэнкай журы, і хоць прызавога месца не атрымаў, але ўсе акцёры былі задаволены і сваёй вытрымкай, і баявым хрышчэннем на раённым узроўні.
“Варта адзначыць, што ўсе вучні выдатна справіліся са сваёй задачай, здзівілі сваімі акцёрскімі здольнасцямі і пераўвасабленнем у сваіх герояў, - адзначае кіраўнік гуртка Людміла Раманаўна Рудэнка і дадае: - Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць усім сваім артыстам: Муха Антону, Бунцэвіч Анастасіі, Муравейку Мікіту, Зяленскай Валерыі, Дрызгаловіч Ксеніі, Крывальцэвіч Аляксандры і Дастанку Мікіту. Чакайце новых пастановак!”
Стараста гуртка “Тэатральны калейдаскоп” Дрызгаловіч Ксенія.