“Старобін – мая радзіма”
“Старобін – мая радзіма”
Менавіта з такім праектам пазнаёмілі дзецей, якія адпачываюць у школьным лагеры, 31 марта кружкоўцы краязнаўчага напрамку.
Дзеці пачулі легенды пра Старобін. Першая легенда звязана з падзеямі мангола-татарскага нашэсця. Сто палонніц – палескіх прыгажунь - былі закапаны жывымі на беразе ракі Случ. Спачатку гэта месца называлася Старобынь, а затым Старобін.
З першай легендай звязана другая. У памяць аб загінуўшых прыгажунях было высаджана сто рабін. Паняцце “сто рабін” з цягам часу і дало назву пасяленню.
Трэцяе паданне звязана з іменем Бін. Па легендзе на беразе рэчкі Случ жыў стары яўрэй Бін. На высокім беразе стаялі яго дом і карчма. Па рацэ са Слуцка ішлі баржы ў старажытны Тураў з таварамі, а ў Слуцк – з соллю. Гандляры спыняліся ў старога Біна на начлег. Не стала старога Біна, а добрая памяць пра яго засталася. Вырасла на беразе адна вуліца, другая… І прыжылася назва Стары Бін, якую для зручнасці сталі выгаворваць карацей – Старобін.
Існуе і яшчэ адна версія ўзнікнення назвы мястэчка. Яна быццам бы звязана з паняццем слова “ староба” – вельмі стары чалавек. Згодна гэтай легендзе ў мястэчку пражывала многа доўгажыхароў, моцных духам і целам. Адсюль і назва – Старобін.
З дзён учарашніх Случанская зямля і яе духоўнасць удзячны Уладзіславу Сыракомлі, казачніку Рэдкаму, Аркадзю Чарнышэвічу, Янку Скрыгану, Галіне Макаравай, Максіму Лужаніну, Рыгору Шкрабе, Аляксею Кулакоўскаму. Як буслянак вясной – пералік імёнаў: высокі і даляглядны. Айчына крывічоў, прыпалеская Салігоршчына – на гордасць мужная і былінная.
Даведаліся дзеці і пра назву ракі Случ. Случ – прыток Прыпяці. У старажытных
пісьмовых дакументах слова случий тлумачыцца як выгнуты, што той лук, - від зброі. Адсюль, ад пакручастага характару ракі, на якой шмат лук, выгінаў, і паходзіць назва (злучына – лук, старадаўняя зброя).
Настаўніца Шухта Алена Леанідаўна,
гурткоўцы “Юныя краязнаўцы”